You are viewing barbara_r

barbara_r
ЧЫТАЦЬ ПА-РАСІЙСКУCollapse )

Перевел с белорусского Борис Херсонский borkhers
 
 
barbara_r
10 April 2009 @ 01:51 am
ЧЫТАЦЬ ПА-НЯМЕЦКУCollapse )

Aus dem Weißrussischen von Uljana Wolf
via http://lyrikline.org/
 
 
barbara_r
ЧЫТАЦЬ ПА-ЎКРАІНСКУCollapse )

Переклала з білоруської Дзвінка Матіяш
 
 
barbara_r
ЧЫТАЦЬ ПА-ПОЛЬСКУCollapse )
Z białoruskiego tłumaczył ADAM POMORSKI
 
 
barbara_r
ЧЫТАЦЬ ПА-ЛІТОЎСКУCollapse )
Iš baltarusių kalbos vertė VLADAS BRAZIŪNAS
 
 
barbara_r
11 May 2005 @ 11:37 pm
I  
Зацертае стагодзьдзямі таро
сівой хазаркі. Зноў фарбую вусны
у ліфце і лячу ў сваё мэтро,
і праглынае электрычны вусень,

і банкамат мудруючы, круцель,
пагардліва выплёўвае гатоўку.
Хазарка прадказала мне пасьцель.
І сьвятара. І сьмерць мянціць літоўку.

Варшава (па дарозе ў Геранёны) 1542 г.
 
 
barbara_r
11 May 2005 @ 11:35 pm
II  
Я стаяла з ключамі
на ганку вялізнага дома,
Я здавала каморы і клеці
яго аканомам.
Калі ён увайшоў,
мяне як абдало варам.
А ён сказаў,
што чорнае мне да твару.

Я ня мела чым дыхаць,
нібы на высокіх стромах,
ледзь адказвала пра надвор'е
й агульных знаёмых.
Крумкачы кахаліся ў нішах
і каркалі звонка.
А ён сказаў,
што ў яго дома хворая жонка.

Я выходзіла вонкі
й бязмэтна блукала ў парку,
раптам страчвала сон
і чытала начамі Пэтрарку.
Мне было яшчэ да Раства насіць
жалобу па мужы,
А ён сказаў,
што я пекная, і падарыў ружу.

Я ня чула, аб чым разважаў
за абедам пробашч,
я баялася ўзьняць вочы
і клала далонь побач.
У шыбы пяшчотна грукалі дзюбамі
крумкачы.
А ён сказаў,
каб не замыкала спальню ўначы.

Геранёны, кастрычнік 1543 г.
 
 
barbara_r
11 May 2005 @ 11:30 pm
III  
Мой Жыкгімонт, мой юны Жыкгімонт
ідзе на сьвет падлеткавай вайною,
кранальна эпатуючы beau monde
кіслотнаю фрызураю і мною,

Мой Жыкгімонт бянтэжыцца слоў
"аральны сэкс", і так баіца маці,
ёй хлусячы пра сеймы і паслоў,
калі ў палацы Пацаў зноўку party.

Мой Жыкгімонт - завостранае "кг"
Бы выбух у каханьнем поўным роце.
O mon petit prince, je suis tres fatigeé
Хадзем ад іх, мой любы Жыкгімонце…

Мой Жыкгімонт - ў ім адметны дар
яго праўленьне станецца эпохай,
ну а пакуль мой слаўны гаспадар
сьпяшае да мяне таемнай лёхай,

бо ёсьць адно, што болей не міне,
пра што пакуль што думаецца ўпотай -
мой Жыкгімонт ужо жыве ўва мне
маленькай сарамліваю зікготай.

Вільня, 1547 г.
 
 
barbara_r
11 May 2005 @ 11:29 pm
IV  
Мы жылі, як ніколі ня сьмелі:
ўставалі а шостай ці сёмай,
йшлі ў касьцёл раніцою нядзелі,
а вечар бавілі дома;
на паўднёвым гаўбцы
з маленечкай косткі расьцілі
дрэва цытрыну,
мы чыталі пра дзіва Ян-Цзы,
і хацелі ў далёкую Чыну;
мы гулялі ў дзіцячыя гульні -
хаваліся ў нішы й чакалі знаёмыя крокі...

А яшчэ мы зрабілі літоўскія візы
і езьдзілі
ў Вільню і Трокі.

Мы сачылі, як траўны прастор
нараджаецца з марцаўскай слоты,
абжывалі мурог і чабор,
але болей любілі балоты -
заблукаць і на хісткім лужку
абдымацца і думаць, што ўсё,
і маліць пра агеньчык у цемры,
і цешыцца хутарскім зыкам...

А яшчэ мы ляцелі 200 па трасе
і бачылі ўсход
над Балтыкам.

Мы хадзілі у горад, у крамы,
глядзець на заморскіх тканінаў сувоі,
мы любілі ля Слуцкае брамы
зь дзядкамі
зацяцца пра Польшчу зь Літвою,
альбо крыкнуць на рынку імя
і загадваць, хто азавецца...

А яшчэ мы слухалі ў цішы завулкаў,
як бъецца
маленькае сэрца.

Мы былі між людзей - і адны,
бы стары францыскан
па-за кляштарным мурам;
дзедаў парк залацеў дзень пры дні
халадзеў
і брыняў верасьнёвым глямурам,
вецер з захаду нёс напамін
пра сьвякруху,
вачэй ейных сьлізкія стронгі,
сукенкі Versace і піцу...

А яшчэ мы складалі ў піўніцу
шэзлёнгі,
каб ехаць
на зіму ў сталіцу.

Нясьвіж, лета 1550 г.
 
 
barbara_r
11 May 2005 @ 11:14 pm
V  
Ну вось і ўсё - сякера пры камлі.
Па жылах разьліваецца атрута.
Мне роспачна, нібыта на зямлі
ля кожнага прысаду вяне рута.

Ля ложку распачатае чытво -
адно недачытанае каханьне.
Сьвет - кніга, й крыўдна пакідаць яго,
спыніўшы на сярэдзіне чытаньне.

Цікава, ці наведаюць браты
хоць раз, калі пліта прыцісьне грудзі?
Бо ён, які ня прыйдзе да пліты,
на жаль, мяне ніколі не забудзе.

Ну вось і ўсё - Гасподзь націснуў Shift.
Далей - лягчэй. Больш не пужаюць мукі,
нібыта мама пры ўваходзе ў ліфт
абачліва бярэ з вазка на рукі.

І аўтабан, зіхоткі ад імжы,
Заблытвае дзясяткам вострых брамак.
- Прабачце, як даехаць да мяжы?
- Зьезд на Галгофу. Гродзенскі напрамак.

- Dzień dobry.
Rajska straż graniczna.
Proszę państwo przygotowić paszporty,
rozgarnąć je na zdjęciach.
- Мамачка, а чаму
яны кажуць "Дзень добры"?
Зараз жа цёмна і ноч.
- А ў іх, дачушка, заўсёды,
бы ўдзень, сьветла.

Кракаў, 8 траўня 1551 г.